Увечары 13 жніўня дайшло да буйных сутыкненьняў паміж праціўнікамі і прыхільнікамі дзейнай улады. Сутычкі адбыліся ў горадзе Нові Сад, у якім яны і пачаліся некалькі месяцаў таму пасьля абвалу паддашка на рэканструяванай чыгуначнай станцыі.
Тады, у лістападзе 2024 году, загінулі 16 чалавек. Грамадзкія актывісты абвінавацілі ўлады ў нядбайнасьці пры будаваньні і хабарніцтве.
У час новых пратэстаў у Новім Садзе 64 пратэстоўцы атрымалі раненьні, таксама траўмаваныя пяцёра супрацоўнікаў жандармэрыі. Прыхільнікі «Сэрбскай прагрэсіўнай партыі» — палітычнай сілы прэзыдэнта Аляксандра Вучыча — выкарыстоўвалі супраць праціўнікаў улады фаеры і пэтарды.
Раней пратэсты адбываліся ў гарадах Врбас, Бачка Паланка, Бялград і Ніш, там таксама пратэстоўцы зазналі нападаў з боку праўладных актывістаў.
Маніфэстанты патрабуюць ад Вучыча абвяшчэньня датэрміновых парлямэнцкіх выбараў, з чым прэзыдэнт не пагаджаецца. Напярэдадні Вучыч паабяцаў не зьмяняць Канстытуцыю краіны, заявіўшы, што ня можа і ня будзе вылучацца на наступныя выбары прэзыдэнта Сэрбіі.
Форум