Да сваякоў многіх з тых, хто выехаў, у Беларусі прыходзяць з вобшукамі і допытамі. Справа тычыцца як тых, хто ўдзельнічаў у акцыях за межамі Беларусі (іх абвінавачваюць па артыкуле 361-4 КК РБ), так і тых, хто быў удзельнкам пратэстаў у 2020 годзе (іх абвінавачваюць па арт. 342 КК РБ або 293 КК РБ).
Праваабарончая ініцыятыва Dissident.by прывяла некалькі новых фактаў з таго, як шукаюць удзельнікаў акцый пратэсту ў 2020 годзе:
- на каналах спэцслужбаў выкладаюць фотаздымкі з акцыі для апазнаньня ўдзельнікаў пратэстаў. Таксама вельмі шмат матэрыялаў для апрацоўкі знаходзіцца на тэлефонах і кампутарах ужо затрыманых людзей.
- апрацоўваюцца здымкі з кнігі «Marsz Białorusi. Sierpień–grudzień 2020» (112 старонак).
Праваабаронцы канстатуюць, што рэпрэсіі ў краіне не спыніліся. Яны заклікаюць беларусаў, якія пакінулі сваю краіну, устрымацца ад паездкі ў Беларусь або любую іншую краіну, якая супрацоўнічае з рэжымам Лукашэнкі.
Таксама ініцыятыва раіць пракансультаваць сваіх блізкіх, што рабіць у выпадку, калі да іх прыходзяць спэцслужбы. А гэта:
- не панікаваць і прасіць прадставіць дакумэнты, якія пацьвярджаюць іх асобы;
- не захоўваць дома каштоўных рэчаў або вялікія сумы грошаў, якія могуць забраць надоўга пры вобшуку;
- не пагаджацца даваць паказанні супраць сваіх блізкіх, можна спаслацца на арт. 27 Канстытуцыі РБ.
Акрамя таго, ініцыятыва просіць паведамляць ёй пра палітычны перасьлед праз кантакты ў апісаньні каналу або ананімна праз сайт stayrebel.fun.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што новага рабілі ўлады ў рэпрэсіях у першай палове 2025 году. Агляд справаздачы Human Constanta