Пасьля рэарганізацыі ў сыстэме музэяў у Вільні з музэю ў Маркуцях прыбралі экспазыцыю, прысьвечаную беларускаму клясыку Якубу Коласу. Пра гэта Свабодзе паведаміў старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Алесь Адамковіч.
«Там поруч быў дом, дзе Якуб Колас жыў разам з сваёй жонкай Марыяй Каменскай. Пэўны час там быў музэй Коласа, але пасьля ён закрыўся. У 1963 годзе экспанаты перадалі ў музэй Пушкіна, які быў у суседзтве. У пачатку 90-х гадоў былі спробы адраджэньня гэтага музэю, але дом разваліўся, бо яго зьеў грыбок, а новы пабудаваць не пасьпелі», — расказвае Алесь Адамковіч.
Экспазыцыя, прысьвечаная Коласу, зьявілася ў музэі імя Пушкіна ў 2018 годзе.
Выстава зьмяшчала копіі дакумэнтаў, фатаздымкі й іншыя артэфакты, кажа Адамковіч.
«Прайшла рэарганізацыя музэяў, музэй перайменавалі і зрабілі філіяй Віленскага музэю. А новае кіраўніцтва чамусьці вырашыла прыбраць гэты пакойчык Коласа. Нейкіх кансультацыяў з грамадзкасьцю на гэты конт не праводзілі», — дадае суразмоўца.
У 2023 годзе музэй зьмяніў назву, замест Літаратурнага музэю Пушкіна ён стаў называцца Музэй-сядзіба Маркуці (Markučiai). А сёлета самакіраваньне Вільні правяло рэарганізацыю, музэй стаў філіяй Віленскага гарадзкога музэю. У адказе кіраўніцы Віленскага гарадзкога музэю Расы Антанавічэне на запыт Свабоды гаворыцца, што экспазыцыя Коласа не адпавядае новай канцэпцыі музэю ў Маркуцях.
Рукапісы з выставы ў музэі Якуба Коласа ў Менску. Ілюстрацыйнае фота
Паводле кіраўніцы, прысьвечаная Коласу выстава зьявілася ў 2018 годзе паводле дамовы з музэем Якуба Коласа ў Менску. Паводле пагадненьня яна мусіла дзейнічаць да жніўня 2021 году, аднак адносіны зь беларускім музэем Коласа былі разарваныя яшчэ ў 2020 годзе. Рашэньне пра дэмантаж экспазыцыі прынялі ў траўні 2025 году.
«Пасьля таго як сядзіба Markučiai стала часткаю гарадзкога музэю, мы вырашылі канчаткова адмовіцца ад статусу літаратурнага музэю і надаваць значна больш увагі гісторыі сядзібы і яе жыхароў, гістарычнаму кантэксту ўзьнікненьня і існаваньня сядзібы. Выстава, прысьвечаная Коласу, якая паводле дамовы мела быць закрытая ў 2021 годзе, выпадае з акрэсьленага тэматычнага шэрагу», — паведаміла Раса Антанавічэне.
Калекцыя, зьвязаная з Коласам, у музэі ў Маркуцях налічвае тры дзясяткі артэфактаў. Цяпер яны маюць захоўвацца ў фондах установы.
«Музэй не плянуе аднаўляць экспазыцыю, прысьвечаную Якубу Коласу, аднак сапраўды ня будзе пазьбягаць згадваць паэта, расказваючы гісторыі гораду Вільні і двара Маркуці ў сваіх часовых выставах», — адказвае Раса Антанавічэне.
Экспазыцыя Коласа таксама існавала як культурны асяродак, тут адбываліся беларускія імпрэзы і канцэрты.
У 1907–1908 годзе Якуб Колас (Канстанцін Міцкевіч) працаваў у рэдакцыі «Нашай Нівы» і жыў у Вільні. Час з 1908 па 1911 гады Колас правёў за кратамі. Пасьля вызваленьня ён паехаў працаваць настаўнікам у Пінск, дзе пазнаёміўся з сваёй будучай жонкай Марыяй Каменскай, якая якраз жыла ў Вільні, а дакладней у тагачасным віленскім прадмесьці Калёнія. У доме маці Марыі Каменскай, у цяперашніх Маркуцях, Якуб Колас з жонкай бывалі на працягу 1913–1915 гадоў.
Беларускія літаратары, фота сярэдзіны 1930-х. Якуб Колас сядзіць першы зьлева.
Пасьля таго як Якуб Колас перабраўся ў Менск, у гэтым доме жыў швагер Коласа Іван Каменскі, які падтрымліваў ідэю стварэньня тут музэю Коласа і перадаў шэраг рэчаў для будучай экспазыцыі. Ідэя стварэньня музэю нават была замацаваная пастановай Савету міністраў Літоўскай ССР у жніўні 1960 году. Аднак у доме выявілі грыбок, які нішчыў будынак, таму яго зьліквідавалі, а новы не пабудавалі.
У Вільні ёсьць вуліца Якуба Коласа, а таксама мэмарыяльная шыльда на будынку факультэту крэатыўнай індустрыі Віленскага тэхнічнага ўнівэрсытэту імя Гедзіміна, менавіта тут у 1907 годзе месьцілася рэдакцыя Нашай Нівы, дзе працаваў Колас.