Трамп хоча «хуткай» трохбаковай сустрэчы пасьля саміту на Алясцы

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Архіўнае фота.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што пасьля яго перамоваў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным на Алясцы ён хоча «амаль адразу ж правесьці другую сустрэчу паміж Зяленскім, Пуціным і мной, калі яны захочуць, каб я там прысутнічаў».

Трамп падкрэсьліў, што адмова Расеі хутка спыніць вайну ва Ўкраіне пацягне для яе «вельмі сур’ёзныя» наступствы. Па словах Трампа, сустрэча з Пуціным патрэбная, каб зразумець «дзе мы знаходзімся» і «што мы робім». Прэзыдэнт ЗША зазначыў таксама, што калі ён не атрымае «неабходныя адказы» падчас сустрэчы з Пуціным, то наступнай сустрэчы не будзе.

У той жа час Трамп выказаў сумневы ў тым, што яму ўдасца пераканаць Пуціна спыніць напады на мірных жыхароў Украіны, паколькі «у яго ўжо была такая размова з ім».

Кансультацыі з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім і лідэрамі эўрапейскіх краін Дональд Трамп, якія адбыліся ў сераду, назваў «вельмі добрымі».

Саміт ЗША-Расея адбудзецца 15 жніўня ў Анкарыджы на Алясцы. ​

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белы дом: Трамп сустракаецца з Пуціным па просьбе Пуціна