Пасьля шэрагу скасаваньняў засталіся толькі рэйсы зь Менску ў Вільню на 14.20, 16.00 і 20.00, а таксама зь Вільні ў Менск на 6.40, 9.00 і 13.00.
Пасажыры, які мелі білеты на іншыя рэйсы, ужо пачалі атрымоўваць паведамленьні аб скасаваньні. Як стала вядома «Нашай Ніве», тычыцца гэта ня толькі паездак 12 жніўня. Людзям, якія мелі паездкі на 13 жніўня, таксама прыходзяць такія паведамленьні.
Пазьней стала вядомай прычына. Яна ў адсутнасьці дазволаў на рэйсы, таму на гэтыя дні засталіся толькі тыя аўтобусы, якія такімі дазволамі валодалі. З 18 жніўня перавозьнік абяцае аднавіць паездкі ў поўным аб'ёме, паведаміла старонка Infotrans Media Belarus.
Онлайн-служба продажу білетаў Infobus абяцае, што грошы за нявыкарыстаныя білеты вернуць цалкам. Але прычыну такога хуткага і нечаканага скасаваньня ў кампаніі не тлумачаць.
Раней паведамлялася пра рост цэнаў на білеты зь Менску ў Вільню, але колькасьць рэйсаў ня меншала.
Пра скасаваньне паездак Менск — Вільня паведаміў і дзяржаўны «Менсктранс». Дзяржаўнае транспартнае прадпрыемства адразу пазначыла прычыну скасаваньня рэйсаў з 14 жніўня — адсутнасьць неабходных дакумэнтаў, што дазвалялі б такія паездкі.
Спыненьне рэйсаў да Вільні названае «часовым», аднак дату ўзнаўленьня маршруту кліентам не паведамляюць.
Пазьней літоўскі перавозьнік Eurolines, які першым скасаваў рэйсы на Вільню і на Менск бліжэйшымі днямі, пачаў тлумачыць кліентам, што прычынай сталі вайсковыя вучэньні «Захад» у Беларусі, і што фірма ня ведае, як доўга такая сытуацыя працягнецца.
11 жніўня ў Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што супольныя з Расеяй стратэгічныя вучэньні «Захад-2025» пройдуць з 12 да 16 верасьня.
Форум