Група, у якую ўваходзілі беларусы Сьцяпан К., Андрэй Б. і Яраслаў С., як сьцьвярджаецца, учыніла шэраг дывэрсій:
- падпалілі рэстаран у Гдыні ў 2023 годзе;
- спрабавалі падпаліць склад у Гданьску ў сакавіку 2024 году;
- падпалілі склад з паддонамі ў Марках у красавіку 2024 году.
Усе падпалы, паводле абвінавачваньня, яны зрабілі з дапамогай «кактэйляў Молатава».
Паводле абвінаваўцаў, у Гданьску і Марках яны рабілі дывэрсіі на заданьне іншаземнай выведкі.
Сьцяпана К. абвінавацілі ў 8 злачынствах, уключна з удзелам ва ўсіх згаданых падпалах, а таксама ў гандлі зброяй і захоўваньні выбуховых рэчываў. Віны ён не прызнаў. Яго трымаюць пад вартай. Акрамя таго, яго падазраюць у падпале шматпавярховага гандлёвага цэнтру ў Варшаве на даручэньне расейскай выведкі — гэтая справа яшчэ расьсьледуецца.
Андрэю Б. ставяць у віну 5 злачынстваў, у тым ліку ўдзел у падпалах і гандаль наркотыкамі. Ён часткова прызнаў віну.
Яраславу С. — тры злачынствы: удзел у спробе падпалу ў Гданьску, гандаль наркотыкамі і ўдзел у арганізаванай злачыннай групе. Ён таксама часткова прызнаў віну і знаходзіцца пад арыштам.
За сабатаж на карысьць замежнай выведкі ім пагражае ад 10 гадоў да пажыцьцёвага зьняволеньня.
Гэтая справа ўваходзіць у шырэйшы пералік працэсаў супраць грамадзян Беларусі, якіх у Польшчы падазраюць у працы на карысьць замежнай выведкі і падрыхтоўцы дывэрсіяў.
Паводле Нацыянальнай пракуратуры, у трох крымінальных працэсах прад’яўленыя абвінавачаньні пяці беларусам.
Раней прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што агулам затрыманыя 32 чалавекі з «падмацаванымі канкрэтнымі доказамі» сувязяў з расейскімі спэцслужбамі. Адзін ужо асуджаны, астатнія чакаюць суду. Сярод іх — фігуранты гэтай справы і грамадзянін Беларусі Арцём К., якому інкрымінуюць гатовасьць дзейнічаць на карысьць КДБ Беларусі і зьбіраць зьвесткі пра крытычную інфраструктуру.
Форум