Літва абмежавала да 29 колькасьць рэйсаў зь Беларусі

Ілюстрацыйнае фота

Афіцыйнай прычынай сталі абмежаваньні, уведзеныя літоўскім урадам у 2024 годзе. Але доўгі час ніхто выкананьня пастановы, атрымліваецца, не пільнаваў.

Перавозьнікі TOKS (Eurolines) і «Менсктранс» былі абвінавачаныя літоўскім урадам у парушэньні правілаў, бо нібыта значна павялічылі колькасьць рэйсаў на маршруце Вільня-Менск-Вільня. Гэта прывяло да рэзкага росту пасажырапатоку, якому памежныя службы ўжо зь цяжкасьцю давалі рады.

Згодна з пастановай ураду, колькасьць міжнародных аўтобусных маршрутаў абмежаваная да 29. Раней дазволы дазвалялі выконваць некалькі паездак у дзень, часам да пяці-шасьці рэйсаў. Старыя ліцэнзіі дзейнічаюць да завяршэньня тэрміну, але новыя выдаюцца толькі з абмежаваньнем у адзін рэйс туды і зваротна.

«Цяпер празь Меднікі за содні праходзяць 44 аўтобусы — па 22 у кожны бок, праз Салечнікі — па 18, па 9 у кожны бок», — паведаміла LRT.lt кіраўніца аддзелу камунікацый Міністэрства транспарту Літвы Аста Дудурыце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля скарачэньня рэйсаў у Літву падаражэлі аўтобусныя квіткі. А на чарзе новая забарона — з Латвіі

«Як часта і ў якія дні езьдзяць аўтобусы — гэта ўжо камэрцыйнае рашэньне кампаній. Раней маршрут мог уключаць некалькі рэйсаў у дзень, цяпер — толькі адзін у кожны бок, калі дазвол новы», — растлумачыў кіраўнік аддзелу транспартнай дзейнасьці Літоўскай адміністрацыі бясьпекі транспарту (ЛАБТ) Віргініюс Шышкаўскас.

Таксама Шышкаўскас дадаў, што раней маршрутаў магло быць 58.

Фармальна ліміты дзейнічаюць з 1 сакавіка 2024 году. Аднак летам 2025 году памежнікі зафіксавалі рост аўтобуснага трафіку вышэй за дапушчальны. Паводле прадстаўніка ЛАБТ Эгле Кучынскайце, супрацоўнікі на мяжы пачалі скардзіцца на перагрузку, чэргі і затрымкі.

«Памежнікі паведамілі нам, што аўтобусаў стала заўважна больш, чым належыць па дазволах. Мы зьвязаліся зь перавозьнікамі, нагадалі ім аб правілах, і тыя пачалі карэктаваць расклад», — сказала Кучынскайце.

Кучынскайце нагадала, што перавозка пасажыраў па рэгулярных маршрутах бязь дзейнага дазволу пагражае штрафамі. Кіроўцам — ад 300 да 500 эўра, а кіраўнікам кампаній або іншым адказным асобам, якія курыруюць пасажырскія перавозкі, — ад 700 да 1400 эўра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць рэйсаў у Літву мусіла быць меншай і раней. Але некаторыя аўтобусы езьдзілі без дазволаў — адказ літоўскіх ведамстваў