Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызначэньне дакладнай даты заснаваньня Менску, падводныя дасьледаваньні. Беларускія археолягі расказалі пра знаходкі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Менску адбылася прэс-канфэрэнцыя, на якой супрацоўнікі Інстытуту гісторыі расказалі пра сваю працу і расказалі пра знаходкі апошняга часу.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі выдала 170 дазволаў на права правядзеньня археалягічных дасьледаваньняў. Паводле дырэктара Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Вадзіма Лакізы, археалягічныя раскопкі плянуецца правесьці ў 9 раёнах Менскай вобласьці, 14 раёнах Віцебшчыны, 16 раёнах Горадзеншчыны, 11 раёнах Гомельшчыны, 7 у Магілёўскай вобласьці і 12 у Берасьцейскай.

Шмат гаварылася і пра раскопкі, якія ўжо вядуцца і прыйшлі да пэўных высноў і канкрэтных адкрыцьцяў. Загадчык Цэнтру археалёгіі Беларусі Аляксей Аўласовіч расказаў, што адмыслоўцы даведваюцца ўсё больш пра паходжаньне племені радзімічаў, адбываюцца дасьледаваньні на Краснасельскіх шахтах.

Шмат плёну прынесьлі раскопкі на рацэ Менцы, цяпер дакладна вызначана, што рака сапраўды зьяўляецца прашчурам сучаснага Менску. Дата заснаваньня Менску абмяркоўваецца з удзелам адмыслоўцаў, і цалкам магчыма, што ўжо неўзабаве 1067 год будзе афіцыйна зьменены на больш раньні.

Навуковы супрацоўнік Аддзелу археалёгіі першабытнага грамадзтва Сяргей Ліневіч у сваім спавешчаньні спыніўся на дзьвюх падводных экспэдыцыях. Аб’ектамі дасьледаваньняў сталі Крывінскі тарфянік і возера Сялява. На Крывінскім тарфяніку на Паазер'і захавалася арганіка пад слоем торфу ў 2 мэтры. Такім чынам археолягі бачыць «вакно» нэалітычнай пабудовы, таксама яны раскапалі набор касьцяных упрыгожаньняў, а таксама ўпрыгожаньняў з камню. Гэта адзін з найстаражытнейшых жылых комплексаў на беларускай тэрыторыі.

На возеры Сялява праходзяць як падводныя, так і сухапутныя дасьледаваньні. У прыватнасьці, пад вадой мэтровым шурфам гісторыкі трапілі на каменную шліфаваную сякеру. Адкрываюцца таямніцы Жалезнага веку.

Істотна ўскладняюць жыцьцё афіцыйнай археалёгіі чорныя капальнікі. Такія людзі, адзначылі на прэс-канфэрэнцыі, не зважаюць на ахоўныя знакі і прыплываюць капаць у тыя месцы, дзе гэта забаронена. Але праблема, як падкрэсьліў Сяргей Ліневіч, ня толькі ў канкрэтных людзях, якія займаюцца чорным капаньнем, яна ў агульнай візіі грамадзтва на такія паводзіны.

На думку археоляга, шэраг людзей у Беларусі наагул не разглядае чорнае капаньне як праблему і пагрозу. У выніку навука можа згубіць унікальныя матэрыялы з прычыны нямэтавага выкарыстаньня пляцовак, могуць быць зьнішчаныя каштоўныя слаі.

Выступіла на прэс-канфэрэнцыі і малодшая навуковая супрацоўніца Аддзелу археалёгіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Дар’я Логвінава. Паводле свайго навуковага зацікаўленьня, яна дасьледуе жаночы пахавальны касьцюм. Адзеньне, упрыгожаньні, скроневыя кольцы. Яна адзначыла, што дзякуючы раскопках зьяўляецца ўсё болей доказаў, якія дапамагаюць давесьці розьніцу паміж галаўнымі ўборамі незамужніх і замужніх.

У дзяцей сама бедны пахавальны касьцюм, у дарослых ён ужо багацейшы. Летась Дар’я Логвінава працавала ў Княжыцах, што ў Верхнядзьвінскім раёне. Там праходзілі дасьледаваньні гарадзішча. Як адзначыла супрацоўніца, менавіта для яе навуковай зацікаўленасьці дасьледаваньне ня дала шмат плёну, але знаходкі іншага парадку былі. Фрагмэнт чэрапу быў знойдзены ў адным кургане, у другім знайшлі трайное пахаваньне — дзяўчына 18-30 гадоў, нованароджаны да месяца і дзіця да 7 гадоў.

Вяртаючыся да тэмы Менску, дырэктар Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза анансаваў выхад да канца году кнігі-манаграфіі, якую складалі некалькі аўтараў. Там будзе шмат новай, не апісанай раней інфармацыі па Менскім замчышчы і старажытным храме, які калісьці раскапалі на месцы цяперашняга Палацу спорту. Кнігу рыхтуе выдавецтва «Беларуская навука». Як дадаў Лакіза, у кнізе будуць многія фундамэнтальныя адкрыцьці ў археалёгіі Менску.

Пры гэтым аднаўленьне Менскага замчышча пакуль у дзяржаве не прадугледжанае, але ідзе праца па распрацоўцы памятнага знаку. Ужо ёсьць і разглядаюцца яго праекты.

Аляксей Аўласовіч адказаў на пытаньне пра знаходку апошніх дзён пад Віцебскам. Там у час будаўніцтва раскапалі бівень. На тым пясчаным кар’еры сьлядоў перабываньня чалавека не знайшлі. Хутчэй за ўсё, знаходку адправяць у будучы будынак археалягічнага музэю. Але адбудзецца гэта толькі пасьля грунтоўных дасьледаваньняў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG