Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля закрытай нарады ў Лукашэнкі міністар абароны абвясьціў аб ядзерным складніку на вучэньнях «Захад-2025»

абноўлена

Віктар Хрэнін. Архіўнае фота
Віктар Хрэнін. Архіўнае фота

12 жніўня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што вучэньні «Захад-2025» адбудуцца з 12 да 16 верасьня.

Аляксандар Лукашэнка прыняў міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна з «закрытай справаздачай».

Як паведамляецца на афіцыйным сайце Лукашэнкі, сустрэча адбылася 13 жніўня, а на ёй абмеркавалі падрыхтоўку да супольных з Расеяй вучэньняў «Захад-2025», апэратыўную абстаноўку ля межаў Беларусі і гатоўнасьць адрэагаваць на пагрозы, якія ўзьнікаюць.

Пасьля сустрэчы з Лукашэнкам Віктар Хрэнін заявіў, што на вучэньнях «Захад-2025» адпрацуюць «плянаваньне выкарыстаньня ядзернай зброі і «Арэшніка».

«Гэта для нас важны элемэнт стратэгічнага, найперш, стрыманьня. [...] Мы павінны быць гатовыя да ўсяго. Мы бачым абстаноўку на нашай заходняй, паўночнай мяжы і ня можам спакойна назіраць за мілітарызацыяй і вайсковай актыўнасьцю», — працытавала Хрэніна дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паводле яго, асобна на вучэньнях беларускія і расейскія вайскоўцы адпрацуюць пытаньні выкарыстаньня комплексу «Арэшнік». Раней паведамлялі, што ў Беларусі комплекс «Арэшнік» будзе разьмешчаны да канца 2025 году.

12 жніўня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што вучэньні «Захад-2025» адбудуцца з 12 да 16 верасьня.

Галоўная мэта вучэньняў падпарадкавана праверцы магчымасьцяў Беларусі і Расейская Фэдэрацыі гарантаваць бясьпеку і адбіваць магчымую агрэсію.

Начальнік дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Беларусі Валеры Равенка ўдакладніў, што на вучэньнях адпрацуюць адбіцьцё ўдараў сродкамі паветранага нападу праціўніка, вядзеньне абарончага бою пры авіяцыйнай падтрымцы і барацьбу з незаконнымі ўзброенымі фарміраваньнямі і дывэрсійна-выведнымі групамі праціўніка.

6 жніўня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб прыбыцьці першага эшалёну з расейскімі вайскоўцамі і вайсковай тэхнікай для ўдзелу ў супольных з Расеяй вучэньнях «Захад-2025». Іх сустракалі хлебам-сольлю. Намесьнік камандуючага Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня Павел Шабека тады заявіў, што ў часе вучэньняў плянуюць адпрацаваць «новыя формы і спосабы выкарыстаньня падразьдзелаў вайсковых частак на аснове аналізу апошніх сучасных ваенных канфліктаў».

Аб колькасьці вайскоўцаў, якія будуць удзельнічаць у вучэньнях, пакуль не паведамляюць.

Спачатку ўлады Беларусі падкрэсьлівалі, што гэтыя вучэньні зьяўляцца плянавамі і рэгулярнымі, але апошнім часам усё часьцей сьцьвярджаюць, іх правядзеньне стала адказам «на мілітарызацыю» у суседніх Польшчы і краінах Балтыі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG