Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковая выведка Ўкраіны: Расея ня мае рэзэрваў для істотнай прысутнасьці на вучэньнях «Захад-2025»


Вадзім Скібіцкі. Архіўнае фота
Вадзім Скібіцкі. Архіўнае фота

Намесьнік начальніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны, сябраў украінскай перамоўнай дэлегацыі ў Стамбуле Вадзім Скібіцкі мяркуе, што Расея ня можа забясьпечыць вялікую вайсковую прысутнасьць у Беларусі.

«Ідзе плянавая падрыхтоўка да вучэньняў, мы яе адсочваем, ведаем усе этапы, разумеем, што, дзе, якія перамяшчэньні войскаў будуць адбывацца і ў якія тэрміны. Нічога незвычайнага пакуль няма. Узровень пагрозы, зьвязанай з гэтымі вучэньнямі даволі нізкі, і галоўнае — у Расеі цяпер няма свабодных войскаў, рэзэрваў, каб перакінуць вялікую групоўку для ўдзелу ў гэтых вучэньнях. Бо ўсе войскі цяпер удзельнічаюць у вайне супраць Украіны», — сказаў Вадзім Скібіцкі ў інтэрвію тэлеканалу «Суспільне».

Паводле яго, апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі сьведчаць аб тым, што для яго цяпер галоўнае захаваць кантакты з Захадам, аднавіць магчымасьць збыту беларускай прадукцыі на замежных рынках і не дазволіць сябе наўпрост уцягнуць у вайну.

«Так, цяпер ідзе падрыхтоўка да вучэньняў „Захад-2025“, але калі параўнаць з ранейшымі „Захад-2017“ або зь іншымі, што праводзіліся на тэрыторыі Беларусі — усё гэта зусім іншае. Ён ня хоча, каб гэта пагоршыла менавіта стаўленьне да Беларусі, нягледзячы на тое, што яна застаецца галоўным хаўрусьнікам Расеі, і ў той жа час спрабуе захаваць свой сувэрэнітэт і сваю асабістую пазыцыю наконт месца Беларусі ў сучасным бясьпекавым атачэньні», — дадаў ён.

У той жа час, прадстаўнік вайсковай выведкі Ўкраіны перакананы, што ягоны ўдзел у мірных перамовах немагчымы, як і правядзеньне іх на менскай пляцоўцы. «Гэта ўжо пройдзены этап, і давайце ня будзем да яго вяртацца», — падкрэсьліў Вадзім Скібіцкі.

Лукашэнка паміж ЗША і Расіяй і пяць гадоў пасля 2020
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:08:19 0:00

Супольныя з Расеяй стратэгічныя вучэньні «Захад-2025» пройдуць з 12 да 16 верасьня.

Галоўная мэта вучэньняў падпарадкавана праверцы магчымасьцяў Беларусі і Расейская Фэдэрацыі гарантаваць бясьпеку і адбіваць магчымую агрэсію.

Начальнік дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Беларусі Валеры Равенка ўдакладніў, што на вучэньнях адпрацуюць адбіцьцё ўдараў сродкамі паветранага нападу праціўніка, вядзеньне абарончага бою пры авіяцыйнай падтрымцы і барацьбу з незаконнымі ўзброенымі фарміраваньнямі і дывэрсійна-выведнымі групамі праціўніка.

6 жніўня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб прыбыцьці першага эшалёну з расейскімі вайскоўцамі і вайсковай тэхнікай для ўдзелу ў супольных з Расеяй вучэньнях «Захад-2025». Іх сустракалі хлебам-сольлю. Намесьнік камандуючага Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня Павел Шабека тады заявіў, што ў часе вучэньняў плянуюць адпрацаваць «новыя формы і спосабы выкарыстаньня падразьдзелаў вайсковых частак на аснове аналізу апошніх сучасных ваенных канфліктаў».

Аб колькасьці вайскоўцаў, якія будуць удзельнічаць у вучэньнях, пакуль не паведамляюць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG