Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўская партыя выключыла з сваіх шэрагаў дэпутата Сейму Сініцу. Ён заклікáў выгнаць зь Вільні Офіс Ціханоўскай

абноўлена

У польскім Сейме
У польскім Сейме

Згодна з заявай партыі, Управа «Нацыянальнага адзінства» выключыла Вітаўтаса Сініцу з партыі за «сыстэматычныя і грубыя парушэньні статуту партыі і Кодэксу этыкі».

Вітаўтас Сініца быў намесьнікам старшыні «Нацыянальнага адзінства». Ён быў адзіным сябрам партыі ў Сейме, прайшоў туды па аднамандатнай акрузе. Паводле «Нацыянальнага адзінства», Сініца быў выключаны з партыі за тое, што пастаянна ладзіў сходы сяброў рады, якія прымалі рашэньні бяз кворуму.

Партыя таксама згадвае іншыя парушэньні, учыненыя Сініцам, піша Delfi.

«Фундамэнтальныя парушэньні, учыненыя В. Сініцам, зьвязаныя з арганізацыяй і кіраваньнем шматлікімі незаконнымі, бяз кворуму паседжаньнямі сябраў рады, і выкананьнем рашэньняў, прынятых на такіх паседжаньнях бяз кворуму. Пры іх рэалізацыі былі незаконна захопленыя камунікацыйныя ўліковыя запісы і суполкі партыі, незаконна абмежаваныя паўнамоцтвы праўленьня партыі, а таксама прынята незаконнае рашэньне аб правядзеньні пазачарговага зьезду партыі 6 верасьня 2025 году, праект парадку дня якога не ўключае разгляд стратэгічных і праграмных пытаньняў, справаздачы старшыні і Кантрольнай камісіі.

На зьездзе заплянаванае толькі галасаваньне ў пытаньні адкліканьня ўсіх кіроўных органаў партыі і абраньне новага старшыні, праўленьня і рады», — гаворыцца ў заяве «Нацыянальнага адзінства».

Партыя таксама зьвярнула ўвагу на тое, што Сініца ініцыяваў «дзеяньні супраць беларускага апазыцыйнага руху» ад імя «Нацыянальнага адзінства» без ухвалы партыі.

«Партыя была вымушана дыстанцыявацца ад такіх дзеяньняў», — адзначае «Нацыянальная адзінства». Старшыня партыі Вітаўтас Раджвілас назваў акцыю Сініцы «паслугай двум усходнім дыктатарам».

ELTA нагадала, што на мінулым тыдні партыя адмежавалася ад акцыі пратэсту, арганізаванай Сініцам супраць офісу лідэркі беларускай апазыцыі Сьвятланы Ціханоўскай у Вільні. У час пратэсту каля Міністэрства замежных спраў Літвы палітык заклікаў да ануляваньня акрэдытацыі, выдадзенай прадстаўніцтву пад кіраўніцтвам Ціханоўскай.

Разам зь Сініцам за аналягічныя парушэньні з партыі выключылі сябра праўленьня Марыюса Парчаўскаса і сябровак рады Асту Катуце і Інгу Друпене.

Кіраўніцтва партыі таксама прыняло рэзалюцыю аб тым, што паседжаньне сяброў рады партыі, якое адбылося 29 ліпеня, было незаконным. Як і рашэньне аб скліканьні нечарговага зьезду партыі.

Пасьля таго, як «Нацыянальны альянс» аб’явіў аб выключэньні дэпутата Сейма Вітаўтаса Сініцы з партыі, сам палітык заявіў, што гэтае рашэньне несапраўднае.

«Я лічу, што група, якая мае большасьць у радзе [„Нацыянальнага альянсу“], прыняла такое рашэньне, але яно несапраўднае, паколькі, паводле статуту, рада ня мае права выключаць сяброў партыі без заключэньня Камісіі па этыцы.

Акрамя таго, рада, вышэйшы орган, яшчэ ў траўні прыпыніла права рады выключаць сяброў партыі, паколькі такая пагроза рэпрэсій ужо была відавочная і асуджалася сябрамі партыі», — заявіў Сініца ў інтэрвію выданьню Elta.

Сініца заклікаў сяброў «Нацыянальнага альянсу» не выходзіць з партыі, а падрыхтавацца і прыняць удзел у зьезьдзе партыі, які заплянаваны на верасень.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG