Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты ААН заклікалі Менск спыніць жорсткае абыходжаньне з асуджанымі па артыкулах аб тэрарызьме і экстрэмізьме


Пасяджэньне Камітэту правоў чалавека ААН, ілюстрацыйнае фота, студзень 2025.
Пасяджэньне Камітэту правоў чалавека ААН, ілюстрацыйнае фота, студзень 2025.

Група экспэртаў ААН заклікала ўлады Беларусі неадкладна правесьці эфэктыўныя расьсьледаваньні паведамленьняў аб жорсткім абыходжаньні са зьняволенымі, асуджанымі па абвінавачваньнях у тэрарызьме і экстрэмізьме.

У лісьце, накіраваным уладам Беларусі, экспэрты выказалі занепакоенасьць у сувязі з паведамленьнямі аб жорсткім абыходжаньні з трыма вязьнямі — дзьвюма жанчынамі і адным мужчынам — асуджанымі да працяглых тэрмінаў пазбаўленьня.

«Мы заклікаем улады Беларусі неадкладна пачаць дбайнае і бесстароньняе расьсьледаваньне паведамленьняў аб жорсткім абыходжаньні з гэтымі зьняволенымі і прыняць усе магчымыя меры для абароны іх здароўя і асабістай недатыкальнасьці, у тым ліку разгледзець магчымасьць памілаваньня або замены іх пакараньня на меры, ня зьвязаныя з пазбаўленьнем волі», — гаворыцца ў звароце.

Экспэрты пішуць, што адміністрацыя пэнітэнцыярных устаноў адмаўляе гэтым людзям у належнай мэдычнай дапамозе і абыходзіцца зь імі негуманна, падвяргаючы іх рызыцы сур’ёзнага і патэнцыйна незваротнага пагаршэньня здароўя.

У лісьце гаворыцца, што скаргі на жорсткае абыходжаньне з двума з гэтых зьняволеных ужо даводзіліся да ведама ўраду, і са шкадаваньнем адзначаецца, што зроблена нічога не было.

Экспэрты ААН таксама выказваюць занепакоенасьць тым, што пазбаўленьне волі адной са зьняволеных можа быць зьвязана зь яе публікацыямі па сацыяльна-палітычных пытаньнях у краіне ў парушэньні яе права на свабоду выказваньня меркаваньня.

«Беларуская прававая база па барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам па-ранейшаму выклікае сур’ёзную заклапочанасьць, — пішуць экспэрты. — Мы працягваем атрымліваць паведамленьні аб тым, як людзей асуджаюць па абвінавачваньнях у тэрарызьме і экстрэмізьме і ўключаюць у афіцыйныя адкрытыя сьпісы тэрарыстаў і экстрэмістаў у адплату за ажыцьцяўленьне імі грамадзянскіх і палітычных правоў. Робіцца гэта без належных судовых разьбіраньняў і эфэктыўных сродкаў прававой абароны для абскарджаньня гэтых рашэньняў».

Экспэрты ААН заклікалі ўлады Беларусі прывесьці прававую базу і практыку правапрымяненьня ў галіне барацьбы з тэрарызмам і экстрэмізмам у адпаведнасьць са сваімі абавязаньнямі па міжнародным праве ў галіне правоў чалавека.



Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG