У 1995 годзе падчас удзелу ў Генэральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка меў кароткую размову з 42-м прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам.
Увосень 1999 году ў Стамбуле праходзіў саміт кіраўнікоў краінаў АБСЭ. Падчас перапынку ў пасяджэньнях Лукашэнка разам са сваім атачэньне заступіў дарогу 42-му прэзыдэнту ЗША Білу Клінтану і прывітаўся зь ім. Паводле старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Станіслава Шушкевіча, які таксама прысутнічаў на саміце ў Стамбуле, размовы тады не атрымалася. Толькі прывітаньне.
У верасьні 2015 году ў Нью-Ёрку на прыёме ў 44-га прэзыдэнта ЗША Барака Абамы таксама падчас Генэральнай асамблеі ААН Лукашэнка разам з сынам Мікалаем сфатаграфаваўся з прэзыдэнцкай сям’ёй.
Сьпіс іншых беларускіх дзеячоў, якія сустракаліся з прэзыдэнтамі ЗША, выглядае наступным чынам:
Станіслаў Шушкевіч:
- Ліпень 1993 — афіцыйны візыт у ЗША, аўдыенцыя ў Біла Клінтана і падпісаньне Сумеснай дэклярацыі аб адносінах паміж ЗША і Беларусьсю. Размова пра падтрымку незалежнасьці, эканамічныя рэформы, дапамогу пасьля Чарнобылю, супрацоўніцтва ў навуцы і культуры.
- Студзень 1994 году — афіцыйны візыт Біла Клінтана ў Менск.
Зянон Пазьняк:
- Студзень 1994 году — сустрэча зь Білам Клінтанам падчас яго візыту ў Беларусь.
Аляксандар Мілінкевіч, Ірына Красоўская, Вольга Казуліна:
- Чэрвень 2007 году — сустрэча ў Празе з 43-м прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам-малодшым на канфэрэнцыі «Дэмакратыя і бясьпека». Абмяркоўвалі неабходнасьць ціску на аўтарытарныя рэжымы, пытаньні палітвязьняў (асабліва Казуліна).
Аляксандар Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька, Павал Севярынец, Сяргей Калякін, Анатоль Ляўковіч, Зьміцер Хведарук, Эніра Браніцкая:
- Сьнежань 2007 году — сустрэча ў Вашынгтоне з Джорджам Бушам. Размовы пра каардынацыю дзеяньняў ЗША і ЭЗ у адносінах да Беларусі, расейскі фактар, падтрымку незалежных СМІ, вызваленьне палітвязьняў (асабліва Казуліна).
Аляксандар Казулін:
- Верасень 2008 году — прыём у Нью-Ёрку ў Лоры і Джорджа Бушаў пасьля вызваленьня з турмы. Размова пра сытуацыю ў Беларусі і асабістую падтрымку.
Вольга Казуліна, Аляксандар Класкоўскі:
- Сьнежань 2008, Вашынгтон — сустрэча з Джорджам Бушам у фармаце круглага стала зь міжнароднымі блогерамі. Размовы пра палітыку ЗША адносна Беларусі, ролю санкцыяў у вызваленьні палітвязьняў.
Сьвятлана Ціханоўская:
- Ліпень 2021, Вашынгтон — сустрэча з 46-м прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам у Белым доме. Размова пра неабходнасьць міжнароднага ціску на рэжым Лукашэнкі, вызваленьне палітвязьняў, падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Байдэн пацьвердзіў, што сустрэча зь Ціханоўскай была ягоная ініцыятывай.
- Ліпень 2023 году — падчас саміту NATO ў Вільні пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам Ціханоўская адзначыла: «Беларусы могуць разьлічваць на падтрымку ЗША».
Кантакты афіцыйнага Менску з ЗША
Паводле беларускага МЗС афіцыйныя кантакты Менску з уладамі ЗША падчас знаходжаньня Лукашнкі пры ўладзе, апрача яго сустрэчаў зь лідэрамі ЗША, выглядаюць наступным чынам:
- 1995, 2000, 2005, 2015 — паездкі Лукашэнкі ў ЗША (ААН).
- 2017 — візыт дэлегацыі Кангрэсу ЗША ў Менск.
2019 — візыт дарадцы Трампа Джона Болтана; кансультацыі ў Варшаве. - 2020 — візыт дзяржсакратара ЗША Майка Пампэа ў Менск.
Раней сёньня стала вядома, што 15 жніўня адбылася тэлефонная размова паміж прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Трамп пасьля размовы напісаў, што мова ішла аб вызваленьні 1300 палітвязьняў Беларусі. Афіцыйныя беларускія крыніцы паведамілі, што Лукашэнка запрасіў Трампа зь сям'ёй наведаць Беларусь, і што запрашэньне было прынятае.
Форум